Днямі грамадскае аб’яднанне “Беларускі Саюз афіцэраў” адзначае сваё 30-годдзе. Гэты ўзрост паказвае жыццяздольнасць арганізацыі, запатрабавальнасць у грамадстве, асабліва сярод вайскоўцаў і іх сем’яў.

30 гадоў – тэрмін выпрабавання на годнасцьНаша грамадскае аб’яднанне стваралася ў складаных умовах, калі колькасць Узброеных Сіл Беларусі істотна скарацілася ў параўнанні з былой Беларускай вайсковай акругай СССР.

20 верасня 1992 года адбыўся першы ўстаноўчы з’езд афіцэраў у горадзе Мінску па ініцыятыве генерал-лейтэнанта Дзмітрыя Іванова, які ў будучыні будзе ўзначальваць калектыў афіцэраў больш за 12 гадоў.

Беларускаму саюзу афіцэраў удалося дасягнуць галоўнага: абараніць месца вайсковага чалавека ў грамадскім жыцці, якое ён заслужыў нялёгкай плённай працай, спалучанай з рызыкай для здароўя і жыцця. Дзякуючы намаганням усяго афіцэрскага корпуса першага пакалення, што знайшлі падтрымку Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, былі адменены ўсе абмежаванні па пенсіях, жыллю, медыцынскім забеспячэнні, па магчымасці – працаўладкаванні.

Наша Петрыкаўская раённая арганізацыя была створана 18 лютага 2006 года пасля публікацыі даручэння Прэзідэнта “Пра аказанне падтрымкі грамадскаму аб’яднанню “Беларускі Саюз афіцэраў” з боку мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў улады”. Узначаліў і кіруе да гэтага часу райарганізацыяй аўтар гэтых радкоў. У 2008 годзе была створана Мышанская пярвічная арганізацыя ў колькасці 18 членаў, якую ўзначаліў маёр запаса Уладзімір Раманюк. На дадзены момант у райарганізацыі налічваецца 62 чалавека.

На жаль, за гэты час пайшлі з жыцця нашы таварышы: падпалкоўнік Віктар Шамрыла, падпалкоўнік Аляксандр Лук’янаў, што ўнеслі вялікі асабісты ўклад у станаўленне і развіццё ветэранскага руху ў раёне.

Адна з галоўных задач – патрыятычнае выхаванне маладога пакалення. Актывісты Саюза афіцэраў пастаянна сустракаюцца са школьнікамі, праводзяць заняткі мужнасці, дапамагаюць у арганізацыі спартыўных спаборніцтваў. Мы – пастаянныя ўдзельнікі мерапрыемстваў, прымеркаваных да дзяржаўных святаў.

Яшчэ адна задача, што стаіць перад нашай райарганізацыяй, – захаванне памяці пра подзвіг народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Па ініцыятыве “Беларускага саюза афіцэраў” і пры падтрымцы райвыканкама толькі за 7 гадоў было створана і ўсталявана 8 інфармацыйных дошак і памятных знакаў.

Па выніках работы за 2020 год наша арганізацыя была ўзнагароджана Граматай Рэспубліканскага савета “Беларускага саюза афіцэраў”.
Хочацца выказаць словы падзякі актыву арганізацыі. Жадаю ўсім здароўя, добрага настрою, міру і стабільнасці, поспехаў ва ўсіх справах!

Запрашаем усіх на наша справаздачнае мерапрыемства, што адбудзецца 30 верасня ў 17 гадзін у раённым Доме культуры.

Фёдар ЖУКАВЕЦ, старшыня райарганізацыі
“Беларускі саюз афіцэраў”, палкоўнік запаса.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о