Спаборнічалі старшыні саветаў
У мінулую нядзелю ў Петрыкаве прайшлі спаборніцтвы круглагадовай спартакіяды сярод сельскіх саветаў дэпутатаў. Азарт спартыўнай барацьбы ў фізкультурна-аздараўленчай зале ДЮСШ прыехалі адчуць кіраўнікі саветаў дэпутатаў і шахматысты-аматары.
Старшыні сельсаветаў вызначалі мацнейшых у мнагаборстве, якое складалася са спаборніцтваў па дартсе, стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі, настольным тэнісе (жанчыны) і більярдзе (мужчыны). Паралельна пяць каманд спартсменаў змагаліся за прызы на шахматных дошках.
У мнагаборстве кіраўнікоў лепшыя паказчыкі ў кожным відзе давалі бонусы ў агульны залік. Так, лепшыя вынікі ў стральбе паказалі Іван Міцура, Уладзімір Аляксандраў і Мікалай Арцемянюк, старшыні адпаведна Конкавіцкага, Галубіцкага і Петрыкаўскага сельсаветаў.
Найбольш трапна кінулі дроцікі ў дартсе Алена Жыгар, Наталля Супруновіч і Ігар Русак, кіраўнікі Капаткевіцкага, Капцэвіцкага і Чалюшчавіцкага сельсаветаў адпаведна.
Ігар Русак, Яўген Шэлег (Муляраўскі сельсавет) і Іван Міцура ўвайшлі ў тройку прызёраў у спаборніцтвах па більярдзе. Тэнісныя спаборніцтвы выйграла Наталля Супруновіч, другое і трэцяе месцы занялі адпаведна Ганна Раманчук (Навасёлкаўскі сельсавет) і Алена Жыгар.
У агульным заліку мнагаборства кіраўнікоў выйграла выканаўца абавязкаў старшыні Капцэвіцкага сельсавета Наталля Супруновіч. Другое месца заняла Алена Жыгар, трэцім быў Ігар Русак.
У шахматных спаборніцтвах лепшымі былі прадстаўнікі Капцэвіцкага, Конкавіцкага і Петрыкаўскага сельсаветаў. Сярод жанчын перамогу святкавалі Вікторыя Сыцько (Конкавіцкі сельсавет) і Мікалай Хамец (Петрыкаўскі сельсавет).
Пераможцы спартакіяды адзначаны дыпломамі і прызамі аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.
У. ЕСІПАЎ.
Фота аўтара.
Понравилась ли вам публикация?





