Шчупак нерастуе на прыбытак
Калі сельгаспрадпрыемствы пасля снежнай зімы не могуць пакуль выйсці на палі з-за лішняй вільгаці, то прамыславікам рыбнай гаспадаркі тое толькі на руку. Шлюзы адчынены і сажалкі запаўняюцца. Вадзе трэба прагрэцца да 6-8 градусаў, і першай на нераст у сажалкі тут з дня на дзень запусцяць шчупака.
Дарэчы, летась рыбгас “Трэмля” атрымаў 25 тон шчупака. Больш чым на 3 тысячы рублёў прадалі лічынкі іншым водным гаспадаркам. Сёлета таксама плануюць атрымаць каля 3 мільёнаў лічынак гэтай драпежнай рыбы. У 32 нерастовіках знаходзіцца 480 гнёздаў шчупака для вывядзення патомства. Дарэчы, нерастовікі займаюць невялікую плошчу, крыху больш за 3 гектары.
Як гаворыць загадчык лабараторыі рыбгаса Сяргей Ачапоўскі, карпа на нераст запусцяць толькі напрыканцы мая. Ён патрабуе больш цёплых, камфортных умоў. Тэмпература вады ў сажалках павінна прагрэцца да 16-17 градусаў. У канцы красавіка карпаў будуць падзяляць на жаночыя і мужчынскія асобіны. І толькі па дасягненні аптымальных тэмператур яны зноў сустрэнуцца для “рамантычнага рандэву”. З 32 нерастовікаў плануюць атрымаць каля 7-8 мільёнаў лічынак карпа.
Першапачаткова перад запаўненнем вадой сажалкі апрацоўваюць вапнай. Гэтыя прафілактычныя мерапрыемствы дазваляюць захаваць пасадачны матэрыял ад захворванняў.
Лабараторыя рыбгаса працуе як адладжаны гадзіннік. Трэба штодзень рабіць забор вады для аналізу. Летам гэтыя пробы збіраюць яшчэ да ўзыходу сонца. Кантроль за гідрахімічным саставам вады ідзе і цяпер.
Рыбавод Аляксей Фесенка толькі набіраецца вопыту ў рыбгасе. Маладым спецыялістам ён прыйшоў сюды ў жніўні мінулага года.
А вось лабарант Ніна Фалей у кастрычніку бягучага года будзе адзначаць 35-годдзе працоўнага стажу на прадпрыемстве.
Ніна Сцяпанаўна трапіла ў рыбную галіну выпадкова. Вырасла ў маленькай весачцы Паляжач-Гара, якая, напэўна, хутка знікне з карты Беларусі.
Пасля заканчэння Віцебскага тэхналагічнага тэхнікума трыкатажнай вытворчасці працавала на фабрыцы трыкатажных вырабаў імя Крупскай у Мазыры. На вяселлі родных пазнаёмілася з будучым спадарожнікам жыцця. У 1982 годзе з Сяргеем Іванавічам стварылі сям’ю і пераехалі ў Трэмлю. Гадоў сем пражылі разам са свякрухай, а ў 1990 годзе сям’я атрымала сваё жыллё. Дарэчы, муж Ніны Сцяпанаўны працуе таксама ў рыбнай гаспадарцы – трактарыстам.
Ніна Сцяпанаўна асвоіла шмат спраў у галіне рыбагадоўлі. Пачынала рабочай, затым дыспетчарам, майстрам. Загадвала аддзелам кадраў, лабараторыяй. Была нават галоўным рыбаводам. Так што ўсе працэсы па тэхналогіях вырошчвання сажалкавай рыбы Ніна Сцяпанаўна ведае лепш за іншых.
Адзнакай плённай працы Ніны Фалеевай стаў удзел у сёлетнім злёце перадавікоў. Як прызналася жанчына, гэта была прыемная нечаканасць і ў той жа час хваляванне і гонар за аказаны давер. За добры грашовы давесак з гэтай нагоды Ніна Сцяпанаўна плануе набыць нешта з бытавой тэхнікі. Перш за ўсё будзе раіцца з дочкамі.
Старэйшая Юля пасля заканчэння педагагічнага ўніверсітэта настаўнічаць не стала. Працуе афіцыянткай у прафілакторыі “Сосны”, што на Мазыршчыне. Мае сваю сям’ю, выхоўвае дзвюх дачушак.
Ганна пасля набыцця будаўнічай спецыяльнасці працуе інжынерам па якасці ў мазырскім трэсце “Палессебуд”. Таксама сямейная, выхоўвае хлопчыка.
Ніна Сцяпанаўна ганарыцца сваімі дочкамі і ўнукамі. Яны даюць добры стымул працаваць з настроем і на вынік. Заўсёды жанчына была ў рыбгасе на добрым рахунку, а вось у злёце перадавікоў прымала ўдзел упершыню.
У гутарцы расказала, што за набытыя веды да сёння ўдзячна былой загадчыцы лабараторыі Ганне Мазейка, якая даўно на заслужаным адпачынку.
Больш таго, Ніна Сцяпанаўна адкрыла для мяне навіну, пра якую да гэтага часу я нічога не ведала, хаця ў рыбгас “Трэмля” наведваюся перыядычна для асвятлення дзейнасці прадпрыемства. Справа ў тым, што ў рыбгасе ёсць свая парода карпа – “трамлянскі”, якая мае дзве лініі – “люстэркавы” і “лускаваты”. Вывядзеннем пароды і скрыжаваннем лініі займалася доктар сельскагаспадарчых навук Алена Таразевіч, якая наведвалася ў наш рыбгас для селекцыйнай работы. Пасведчанне было атрымана на пачатку 2000-х гадоў. З таго часу рыбку нашу ведаюць і любяць спажыўцы не толькі Петрыкаўшчыны, але і іншых рэгіёнаў краіны і замежжа.
Мы віншуем Ніну Сцяпанаўну з чарговым дасягненнем у жыцці і жадаем поспеху, новых напрацовак і цудоўнага настрою! Упэўнена, што Ваш бясцэнны вопыт спатрэбіцца маладому пакаленню рыбаводаў яшчэ на доўгія гады.
Інга ГІЛЕНКА.
Фота Арцёма ГУСЕВА.
Понравилась ли вам публикация?





