Умовы ствараюцца, паступова
З кожным чарговым выездам мабільнай групы райвыканкама на аб’екты ААТ “Курыцічы” адзнак у нататніках спецыялістаў становіцца значна менш. Насупраць дадзеных раней заўваг усё часцей ставяцца пазнакі пра выкананне.
Чысціня і парадак цяпер на ферме “Карзуны”. Памяшканні для вартавой і ветэрынарнай службы абсталяваны. Аднак няма бытавых памяшканняў для іншых работнікаў фермы.
Не хапае і пажарных шчытоў, сродкаў пажаратушэння ўвогуле няма. Трэба звярнуць увагу і на адкрыты каналізацыйны люк.
На малочнатаварным комплексе да санітарнага стану таксама не было заўваг, хіба толькі будынак прахадной, які зачынены і не эксплуатуецца, трэба-такі падмесці. Новыя памяшканні бытавых пакояў маглі б адпавядаць патрабаванням, калі б працавалі прыбіральні і душавыя, а над ракавінамі ўсюды былі кранікі з вадой. Даўно пара прыняць меры і ўсталяваць тут шафы для рабочага адзення і асабістых рэчаў працуючых, месцы для сушкі.
Сярод нешматлікіх заўваг – выбітая плітка на падлозе халадзільнага блока і адсутнасць габарытных знакаў на ўездах на тэрыторыю і ў хлявы.
Мехдвор прадпрыемства таксама трымаецца ў належным санітарным стане, сродкамі пажаратушэння забяспечаны поўнасцю. Рабочыя ўсіх аб’ектаў прадпрыемства забяспечаны спецвопраткай.
Бадай што, самы складаны і патрабуючы прыняцця неадкладных мер аб’ект – былы лесапільны пункт, што знаходзіцца на балансе прадпрыемства. Не трэба быць спецыялістам, каб вызначыць яго небяспечнасць, тым больш цяпер, калі пачаліся летнія канікулы. Элементы канструкцый збудаванняў у любы момант могуць абваліцца, пахаваўшы пад сабою цікаўных. Ды і мясцовыя жыхары не дрэмлюць: калі разабраць нельга, бо ёсць гаспадар, то пачалі рабіць тут несанкцыянаваныя сметнікі. А там і да ўзгарання недалёка.
Алена БРУЦКАЯ, фота аўтара.
Понравилась ли вам публикация?





