Жыццё на месцы не ляжыць, а наперад бяжыць
Капаткевічы багатыя на гістарычныя падзеі. Ды і людскіх гісторый тут шмат.
Адна з цэнтральных вуліц гарпасёлка – Фрунзе – выглядае па-сучаснаму. Тут пабудавана адзіная ў населеным пункце панэльная пяціпавярхоўка, побач – аптэка. Для вяскоўцаў гэты аб’ект запатрабаваны. Ёсць сярод тутэйшых жыхароў цікавыя людзі, якія могуць шмат расказаць і пра сваё жыццё, і пра тое, чым славіліся Капаткевічы. У адну такую сям’ю мы завіталі надоечы.
Ніна і Генадзь Якаўлевы – аднагодкі: 3 і 17 мая адзначылі свае 85-годдзі з дня нараджэння. Выхавалі дзвюх цудоўных дочак, маюць двух унукаў і праўнука. Старэйшая Людміла засталася ў Капаткевічах, працуе фельчарам “хуткай”. Штодзень яна наведваецца ў родную хату, каб зрабіць уколы бацьку, які перанёс пяць інфарктаў, памераць ціск, пагутарыць з маці, прыгатаваць ежу, прыбраць, пасадзіць і прапалоць агарод у цёплы сезон. Добрая яна і рукадзельніца: з шафы дастае ажурныя шапачкі, якія звязала для маці, і тут жа прымярае, каб на фотаздымку тая выглядала прыгожа. Бачна адразу, з якім клопатам і цеплынёй дачка ставіцца да бацькоў. Як выказалася сама Людміла Генадзьеўна – гэта яе абавязак. Малодшая сястра жыве ў сталіцы, наведваецца па магчымасці ў пасёлак.
Унукі выраслі дастойнымі людзьмі: Аляксандр працуе ў Міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчавання, Максім – у Гомельскай мытні. Ніна Лявонцьеўна зазначае, што Максім вельмі падобны на свайго дзеда. У маладосці той таксама быў прыгажуном і хутка заваяваў сэрца жанчыны.
У хаце прасторна і чыста. Прапаноўвала дачка падвесці да яе прыродны газ, але старыя адмовіліся, маўляў, ім і так няблага жывецца. Але шмат давялося зведаць гэтым паважаным людзям, каб займець свой куток зямлі, сядзібу.
Сваю гісторыю расказаў Генадзь Якаўлевіч:
– Нарадзіўся я ў Чувашыі. Добра памятаю сябе малым, у трохгадовым узросце, калі бегаў у доўгай палатнянай кашулі без штаноў. Бацька мой працаваў паштальёнам. Памятаю, разглядваў малюнкі на паштоўках і часопісах-кніжках, якія ён дастаўляў адрасатам. Яны вельмі захаплялі. За мной нарадзіўся брат Міша. Маці пасля мыцця бялізны ў халоднай рачной вадзе захварэла і памерла. Нядоўга пражыў і мой брат. Бацька ўзяў жанчыну з двума дзецьмі. Мне больш не было месца ў гэтай сям’і. Рана пайшоў працаваць: у 12 гадоў узялі вучнем слесара, далі інтэрнат.
Неяк завітала ў наш населены пункт сям’я: ён быў сляпы і навучаў чытанню сляпых дзяцей. Яна была прыгожая жанчына, але кульгала. Я некаторы час быў павадыром у гэтага мужчыны. Напэўна, спадабаўся. Сваіх дзяцей у іх не было. Аднойчы яны завіталі да мяне на працу і прапанавалі ехаць да іх у Махачкалу, у Дагестан. З бацькам маім яны дамовіліся зараней, паабяцалі, што маё жыццё там будзе значна лепшым. Я згадзіўся.
Сапраўды, там было жыць няблага. Яны былі добрыя людзі і замянілі мне бацькоў. У 1945 годзе ў Махачкале ўладкаваўся вучнем электрыка. Потым пайшоў на судна: спачатку вучнем, затым матарыстам, механікам. Да 1950 года хадзіў у плаванні. Але ж разумеў, што трэба шукаць нешта рэальнае для жыцця. Набыў спецыяльнасць вадзіцеля. Хоць сябар запрашаў навучыцца на вадзіцеля плывучага аўтакрана, бо заработак быў значна вышэйшы.
У 1954 годзе я сустрэўся з Нінай.
Працягвае аповед Ніна Лявонцьеўна:
– Я вырасла ў Капаткевічах. У пашпарце запісалі, што нарадзілася ў вёсцы Вялікае Сяло. Так называлася частка Капаткевіч, якую пазней далучылі да пасёлка. Пасля сямігодкі паехала працаваць у Пінск, а праз два гады завербавалася на Каўказ. Заўсёды марыла пабачыць свет. Працавала на нафтаперагонным заводзе ў Грозным, затым перабралася ў Махачкалу.
З Генадзем мы сустракаліся 10 месяцаў. Калі сказалі яго прыёмным бацькам, што маем намер стварыць сям’ю, то яны мяне не прынялі. Магчыма, планавалі, што Генадзь возьме ў жонкі каўказскую дзяўчыну. Нам давялося ўсё кінуць і паехаць у Капаткевічы. Пакуль ён тры гады служыў у арміі, то нарадзілася і паспела падрасці Люда.
У Капаткевічах набылі гэты дом. Дарэчы, раней архітэктура будаўніцтва на вуліцах захоўвалася такая, што дамы ўзводзіліся па абодва бакі дарогі адзін насупраць другога. Вось і да сёння ў такім стылі захаваліся яшчэ пабудовы, у тым ліку наш дом і суседзяў насупраць.
Жыццё было вельмі цікавае і разнастайнае. Я працавала брыгадзірам швейнага цэха ў мясцовым КБА. Імкнулася заўсёды выконваць план, нават была адзначана пуцёўкай у Балгарыю.
Генадзь працаваў у электрасетках, апошнія гады перад пенсіяй загадваў гаражамі. У падначаленні было 29 вадзіцеляў.
Згадала штосьці з дзяцінства Людміла Генадзьеўна:
– Жыць у Капаткевічах заўсёды было радасна. Памятаю, як кожныя выхадныя бацька браў мяне ў клуб. Пакуль я праглядвала кіно, ён гуляў у шахматы. Мужчыны культурна бавілі час, не ўжывалі алкаголь. У буфеце купляў мне ў перапынку прысмакі. У нас было цудоўнае дзяцінства.
А яго прыёмныя бацькі дасылалі нам пасылкі з экзатычнымі на той час сакавітымі гранатамі і шаўковымі бантамі для мяне і сястры. Два разы за жыццё бацька наведваўся на сваю малую радзіму, але, упэўнена, не шкадаваў, што так склалася яго жыццё.
– Я не веру ў Бога, але ведаю, што ёсць найвышэйшая сіла, якая вядзе нас па жыцці і дае магчымасць выжыць у складаных сітуацыях, – завяршае Генадзь Якаўлевіч. – Хочацца пажадаць цяперашняй моладзі паважаць адзін аднаго, быць пільнымі да тых, хто побач, і не баяцца працы і выпрабаванняў.
Згодна з вамі, паважаны Генадзь Якаўлевіч! Здароўя і доўгіх гадоў жыцця!
Інга ГІЛЕНКА.
Фота Арцёма ГУСЕВА.
Понравилась ли вам публикация?





