Пішу з нагоды юбілею нашай раённай газеты, які адбудзецца ў маі. Свае думкі і меркаванні выказваю з пункту гледжання чытача. Мне здаецца, не будзе адкрыццём тое, што лёс газеты вельмі нагадвае чалавечы лёс. Не мінаюць яе перамены, узлёты, а то і непрыемнасці, і гэта таму, што газета жыве жыццём жывых людзей.

Газета – летапіс ПетрыкаўшчыныКалі пачалася Вялікая Айчынная вайна, мне ішоў пяты год. А гэта ўзрост, калі пачынаеш спазнаваць жыццё. Ці было дзяцінства? Я лічу, што не. Жахі вайны і пасляваеннага голаду спазнала напоўніцу.
Пасля вызвалення Петрыкаўшчыны ў ліпені 1944 года пачалі адкрываць школы. Яшчэ да таго, як пайшла ў школу ў 1946 годзе, дзядуля па Бібліі паказваў мне літары і нават вучыў чытаць. Пасля дзедавай “акадэміі” я хутка асвойвала школьныя заданні. У трэцім класе ўжо бегла чытала.
У школе тады бібліятэкі не было. Па руках вучняў хадзіла кніжка без пачатку і канца, да таго была зношаная.

Бацька, здаралася, прыносіў газеты, каб рабіць цыгаркі. Іх звычайна было не шмат, бо курыльшчыкаў у калгасе хапала, а газеты мала хто выпісваў. Бралі іх то ў канторы калгаса, то ў сельсавеце. Па праўдзе кажучы, у людзей не было грошай на хлеб і цукар, а пра газеты і размовы не было.
Чытала я вечарамі тыя газеты, што меркаваліся на цыгаркі, а бацька і дзед слухалі. Потым абмяркоўвалі прачытанае, праўда, мне не ўсё было зразумелым, але сам працэс чытання захапляў так, што чытала ад пачатку да апошніх радкоў. Так у маё жыццё ўвайшла газета “Сталінская праўда”.

Трэба сказаць, што гэта было не часта, але абавязкова было цікава, таму што мы маглі даведацца пра падзеі, што адбываюцца на Петрыкаўшчыне. У той час не было радыё і газета была адзінай крыніцай навін.
Дзед незадаволена гаварыў: “У Сталіна праўды, як у рэшаце вады, лепей ужо назвалі б газету “Петрыкаўскай праўдай”, то можна было б і верыць нечаму”.
Я яшчэ тады не ведала, які сэнс хаваўся ў словах дзеда. А калі з цягам часу разабралася, то не аднойчы дзівілася мудрасці дзеда. Толькі пасля 1953 года наша раёнка памяняла назву.

Засталіся ў памяці прозвішчы тагачасных рэдактараў – Курапаценка і Монак. Немала часу яны працавалі.
Калі з’явілася магчымасць, бацька падпісаўся на раёнку і апавядаў мне пра гэтых людзей. Ён ведаў іх асабіста: яны ездзілі па калгасах і былі добра вядомыя.
У газеце “За новыя рубяжы” працавалі ўжо іншыя людзі. Даволі доўга яна жыла з такой назвай. Потым стала “Петрыкаўскімі навінамі”.
Раёнка стала амаль сямейнай газетай. Выпісвалі шмат выданняў, а ў першую чаргу – яе. І чыталася – у першую чаргу.

Пасля Мікалая Тарасенкі на пасаду рэдактара прыйшоў Іван Самахвалаў. Я, ды напэўна не толькі я, але і іншыя чытачы звыкліся з такімі рубрыкамі, як “Зямное рэха”, “На вострыя вілы дзеда Данілы”, з фельетонамі і гумарэскамі Самахвалава, з успамінамі Мікалая Шамрылы і Васілія Чарнобыльца. Нельга не ўзгадаць матэрыялы Пятра Галоты.
Калектыў рэдакцыі “Петрыкаўскіх навін” быў з таленавітых людзей. Шмат гадоў жыцця аддалі раёнцы Валянціна Кебец, Валянціна Каленік, Эця Шусцэрман і іншыя.
На старонках раёнкі акрамя матэрыялаў пра грамадскае жыццё раёна можна было сустрэць і паэтычную ці літаратурную тэмы. Друкаваліся амаль усе прыхільнікі паэтычных і літаратурных твораў. Доўгажыхаром на старонках “Петрыкаўскіх навін” было “Зямное рэха”. Уладзімір Пугач быў і аўтарам, і вядучым. Жыве гэтая рубрыка і цяпер, толькі пад назвай “Нататкі натураліста”.

Жыццё палешукоў у гады вайны і пасля перамогі не пакідала раўнадушнымі тых, хто чытаў творы Віталія Новака. Пяшчотна-шчымлівая лірыка Уладзіміра Ліцвіна выклікала слёзы. Глыбокі філасофскі роздум твораў Алеся Лісіцкага прымушаў думаць пра тое, дзеля чаго мы жывём на зямлі. Пранікнёна-ласкавыя вершы Генадзія Брызіцкага, напоўненыя бязмежным пачуццём пяшчоты да роднага краю, да роднай беларускай хаты, былі жаданымі на старонках газеты. Санеты Міхаіла Селеха, вершы Надзеі Якімавай, Ірыны Молінай, Вольгі Мітрафанавай, Леаніда Глушко, Антаніны Рыбалка, Марыны Пашук, Ірыны Тарасевіч выклікалі пачуццё павагі да аўтараў, іх таленту можна шчыра пазайздросціць. Я і цяпер, калі атрымліваю чарговы нумар раёнкі, шукаю вершы на прыгожай беларускай мове, на якой піша Надзея Сігай. Яе творы не зблытаеш ні з чыімі.

Так склалася жыццё, што ў 1993 годзе давялося сустрэцца з Іванам Самахвалавым, і ён стаў першым маім настаўнікам і крытыкам у спробе пяра. Я шчыра ўдзячна за ўрокі, што ён мне даў. Яго парады былі мне падтрымкай.
Пэўны час калектыў рэдакцыі газеты ўзначальваў Пётр Шадура. Яго добразычлівы характар і вялікая адукаванасць заставаліся лепшымі рысамі ў адносінах да супрацоўнікаў і ўсіх, каму даводзілася працаваць з ім. З павагай успамінаецца былы рэдактар.

Для мяне незразумелым застаецца той факт, што той-сёй жыве без газеты, не толькі раёнкі, але ўвогуле без падпіскі. Газета – неад’емная частка грамадскага жыцця. Не памятаю, хто з крытыкаў калісьці сказаў, што жыць у грамадстве і быць свабодным ад грамадства проста немагчыма. З гэтым нельга не пагадзіцца. Таму, каб адчуць сябе грамадзянамі, мы падпісваемся на розныя выданні.
Пра архітэктуру кажуць, што гэта музыка, якая застыла ў камені. То пра газету можна без перабольшвання сказаць: газета – гэта жывы летапіс жыцця. Так творцы газеты з’яўляюцца летапісцамі жыцця нашага раёна. І мне хочацца напрыканцы допісу пажадаць невялікаму амаль жаночаму калектыву супрацоўнікаў газеты “Петрыкаўскія навіны” доўгіх гадоў жыцця, выдатнага здароўя, шчасця і дабрабыту ў паўсядзённым жыцці. Паважаныя юбіляры, бо і вы разам з газетай сустрэнеце яе юбілей, плёну вам у вашай працы і творчасці.

З глыбокай павагай
заўсёды ваша
Ніна АЧАПОЎСКАЯ.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о